Цэнтр выпрабаванняў трактарнай тэхнікі холдынгу "МТЗ-ХОЛДЫНГ" (ЦВТХ)

Цэнтр выпрабаванняў дазваляе праводзіць усе віды выпрабаванняў трактароў і іх вузлоў у адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўнай дакументацыі РБ, замежных краін і міжнародных арганізацый, у тым ліку і на адпаведнасць патрабаванням ТР МС 010/2011, 031/2012 і правілам ЕЭК ААН:
- сертыфікацыйныя выпрабаванні поўнакамплектных трактароў;
- лабараторна-палявыя выпрабаванні трактароў;
- паскораныя выпрабаванні трактароў на палігонах;
- паскораныя стэндавыя выпрабаванні вузлоў і агрэгатаў трактароў;
- прыёмачныя выпрабаванні новай тэхнікі.

На базе ЦВТХ праводзяцца сумесныя сертыфікацыйныя выпрабаванні трактароў BELARUS паводле Дырэктывы ЕС 2003/37 з прадстаўнікамі тэхнічнага цэнтра DEKRA (Германія). У цяперашні час 16 мадэляў трактароў BELARUS (ад 35 да 350 к.с.) маюць еўрапейскія сертыфікаты, што дазваляюць прадаваць іх ва ўсе краіны ЕС.

У цэнтры выпрабаванняў размешчана два класы навучальнага цэнтра МТЗ з разразнымі поўнапамернымі макетамі энерганасычаных трактароў. Класы абсталяваны ўсім неабходным мультымедыйным абсталяваннем для правядзення навучання спецыялістаў і механізатараў з Рэспублікі Беларусь і ўсяго свету, маюцца метадычныя дапаможнікі, праграмы, відэафільмы. На выпрабавальнай базе ЦВ праводзяцца як тэарэтычныя, так і практычныя заняткі па абслугоўванні, дыягностыцы няспраўнасцей і рамонце трактарнай тэхнікі, маецца магчымасць азнаёміцца з найноўшымі мадэлямі трактароў, апрабаваць іх у працы.

Цэнтр выпрабаванняў трактарнай тэхнікі холдынгу "МТЗ-холдынг" (ЦВТХ) валодае дастатковай колькасцю стэндавага абсталявання і ў якасці акрэдытаванай выпрабавальнай лабараторыі праводзіць выпрабаванні вузлоў і агрэгатаў транспартных сродкаў для іншых арганізацый на дагаворнай аснове.

Зручнае месца размяшчэння цэнтра выпрабаванняў (на скрыжаванні трас Брэст – Масква і Мінск – Магілёў), наяўнасць трэкаў для абкаткі, стэндавае абсталяванне для праверкі магутнасці рухавіка, працаздольнасці і параметраў сістэм трактароў, эстакада і пад'ёмна-транспартнае абсталяванне (ПТА) для пагрузкі, кваліфікаваны персанал – усе гэтыя фактары робяць пляцоўку ў цэнтры выпрабаванняў аптымальнай для часовага захоўвання, выпрабаванняў, перадпродажнай падрыхтоўкі і адгрузкі трактароў спажыўцам.